








Ранкам 15-ага сакавіка 2023 года каманда ГА «Беларуская федэрацыя рынга» ў складзе 5 чалавек (Колтун Іван, Чудук Павел, Русакоў Міхаіл, Дрэмлюг Кацярына, Інбулаева Анастасія) накіравалася на паўднёвы захад Беларусі ў Мокраўскую сярэднюю школу Пружанскага раёна, каб правесці там прэзентацыю рынга. Прычым прэзентацыю не толькі для гэтай школы, а для настаўнікаў школ усяго Пружанскага раёна. Істотная адметнасць большасці з гэтых школ — тое, што яны малакамплектныя, у класе можа быць усяго 5-10 чалавек. І рынга ў такіх умовах фактычна ідэальная камандная спартыўная гульня.
Усё мерапрыемства складалася з некалькі частак.
Першая частка — мультымедыя прэзентацыя ў актавай зале, дзе настаўнікі і вучні даведаліся, што такое рынга, даведаліся пра асаблівасці гульні, пра гісторыю, пра рынгтэніс, пра рынга ў свеце і ў Беларусі. Пасля чаго была магчымасць задаць свае пытанні і пагутарыць з чэмпіёнамі свету па рынга, з патэнцыйнымі ўдзельнікамі Чемпіянату Свету ў Паўднёвай Афрыцы.
Другая частка — майстар-клас для настаўнікаў і навучэнцаў у спартыўнай зале, падчас якога была згуляна паказальная гульня, каб прадэманстраваць усе асаблівасці і адметнасці рынга, пабачыць на свае вочы, што сабой ўяўляе гульня. Таксама былі растлумачаны асобныя моманты правіл, прадстаўлены практыкаванні з кольцамі рынга для вучняў школы, і, нарэшце, дзецям выпала магчымасць згуляць у рынга, чаму яны былі надта радыя і з задавальненнем гулялі, колькі дазваляў час.
Апошняя, трэцяя частка — круглы стол, дзе прайшло азнаямленне са спосабамі ўжывання рынга ў праграме «Фізічная культура і здароўе», абмеркаванне разам з настаўнікамі звязаных з гэтым пытанняў, складанасцяў і іх вырашэнне.
Напрыканцы трэба адзначыць вельмі цёплы прыём нашай дэлегацыі з боку Мокраўскай сярэдняй школы, і асабліва з боку дырэктара Бзота Алега Браніслававіча і настаўнікаў фізічный культуры. Выказваем ім шчырую падзяку і спадзяемся, што наперадзе ў нас будзе яшчэ шмат агульных мерапрыемстваў і сустрэч!